Конкурс эсэ “Аб той вясне…”
Вось ужо 78 разоў наша краіна будзе адзначаць Дзень Перамогі. Кожны год у майскія дні мы ўспамінаем Вялікую Айчынную вайну, яе падзеі, герояў, урокі. Чалавечая памяць! Колькі год і дзесяцігоддзяў ні прайшло б, людзі Зямлі зноў і зноў будуць вяртацца да гэтай Перамогі, якая паказала перавагу жыцця над смерцю, розуму над вар’яцтвам, гуманізму над жорсткасцю.
Перамога ў гэтай вайне не была выпадковай. Наш народ ваяваў ад “стара і да мала”. Салдаты ваявалі на фронце. Старыя, жанчыны і дзеці “ваявалі” каля заводскіх і фабрычных станкоў, шылі адзенне і адпраўлялі пасылкі з цёплымі рэчамі франтавікам, дапамагалі нашым салдатам хавацца ад немцаў і былі сувязнымі ў партызан. Кожны ўносіў свой уклад у агульную справу. І далёка не ўсе засталіся жывымі. Калі б за кожнага чалавека, што загінуў у Другой сусветнай вайне, абвясцілі хвіліну маўчання, то чалавецтва маўчала б 50 год!
Вайна не абышла бокам і маю вёску Тышкавічы, сабрала з яе сваю страшную даніну. За гады ваеннага ліхалецця не вярнулася з франтоў, загінула або прапала без звестак больш за 60 чалавек, загінула 29 мірных жыхароў, 70 аднавяскоўцаў былі вывезены ў Германію, 38 з іх так і не вярнуліся дамоў. За гады вайны было спалена на тэрыторыі вёскі 124 будынкі, у тым ліку 67 жылых і 57 гаспадарчых пабудоў.
Літаральна праз тыдзень пасля нападу фашысты ўварваліся ў нашу вёску. У першы ж дзень свайго з’яўлення нямецкія салдаты пачалі браць паборы з насельніцтва. Пад пагрозай расстрэлу патрабавалі курэй, гусей, яйкі, а авечак рэзалі тут жа. Людзям нічога не заставалася, як толькі глядзець, як знікае іх дабро, заробленае сваімі мазалямі, крывёй і потам.
З першых хвілін знаходжання фашыстаў у вёсцы пачаліся пажары. Гарэлі дамы, гаспадарчыя пабудовы, стагі сена, што былі назапашаны на зіму. Акупанты спалілі млын. З самых лепшых хат выганялі жыхароў і, нанасіўшы туды саломы, уладкоўвалі сабе начлег.
Акрамя таго, гітлераўцы аблажылі насельніцтва абавязковымі падаткамі. Жыхары вёскі павінны былі плаціць падатак за сабак, за “лішнія” вокны, дзверы, мэблю ў хатах. За не выкананне гэтых распараджэнняў былі пакаранні: канфіскацыя маёмасці, адпраўка ў лагер, вываз у Германію, расстрэл.
Але самымі страшнымі момантамі ў першы ж дзень акупацыі сталі расстрэлы мірных жыхароў. Нават расстралялі траіх жанчын, якія паслі кароў ля возера.
У кожным доме павінен быў вісець спіс усіх членаў сям’і, уключаючы дзяцей. Часта праводзіліся раптоўныя праверкі. Калі знаходзілі “лішняга” чалавека, яго арыштоўвалі разам з гаспадаром дома.
За забітых ці параненых нямецкіх салдат або афіцэраў бралі па 20-30 заложнікаў. Гэты факт пацвярджаюць падзеі 4 лістапада 1943 года, калі за двух забітых партызанамі мадзьяр фашысты амаль не расстралялі ўсіх мірных жыхароў. Дзякуючы шчасліваму выпадку, з вёскі былі ўзяты толькі 22 заложнікі, 12 з іх дамоў так і не вярнуліся.
Зведалі мае аднавяскоўцы і што такое Халакост. Усе яўрэі былі расстраляны яшчэ ў 1942 годзе.
Ужо толькі на прыкладзе маіх Тышкавіч відаць, што ўяўляў сабой фашызм. І гэта, трэба сказаць, што акупанты ў вёсцы былі толькі наездамі, бо тут часта бывалі партызаны, дзе забалочаная мясцовасць служыла ім надзейным укрыццём.
Руіны і папялішчы – вось што засталося на беларускай зямлі пасля фашысцкага нашэсця. Кожны трэці беларус – такі кошт перамогі. Нягледзячы на ўсе цяжкія выпрабаванні, беларускі народ не скарыўся фашысцкаму панаванню. З першых дзён варожага нашэсця Айчынная вайна стала ўсенароднай. Поплеч змагаліся беларусы, рускія, украінцы, грузіны, літоўцы, тысячы партызан іншых нацыянальнасцей, сотні прадстаўнікоў народаў Еўропы. Гэта яны, пераможцы, выратавалі ад фашысцкага прыгнёту многія краіны Еўропы і Азіі. Гэта яны ўзялі на сябе асноўны цяжар у аднаўленні разбуранай вайной народнай гаспадаркі. Гэта тым, хто не вярнуўся з вайны, стаяць тысячы помнікаў і абеліскаў. Каб жыць з годнасцю, трэба памятаць сваю гісторыю, ганарыцца і ўслаўляць тых, хто змагаўся за ўсіх нас.
Мы, падрастаючае пакаленне, не застаемся ўбаку ад спраў умацавання міру. Вучні нашай школы прымаюць удел у акцыях “Белы голуб – сімвал міру”, “Нам патрэбен мір”, “Бессмяротны полк”. Мы з аднакласнікамі часта наведваем Аніскавец Марыю Клімаўну, якая ў раннім дзяцінстве была вывезена з сям’ёй у Германію. Аказваем ёй дапамогу па гаспадарцы, слухаем яе аповяды пра вайну. Мы даглядаем часоўню, якая ўстаноўлена ў памяць загінуўшым у вайну аднавяскоцам.
Для нашага пакалення Вялікая Айчынная вайна – гэта ўсяго толькі гісторыя з далёкага мінулага. Але гэта гісторыя ўзбуджае памяць і прымушае задумацца над тым, што адбываецца ў сучасным свеце. Задумацца пра тыя войны, якія мы бачым зараз. Задумацца пра тое, што мы не павінны дапускаць новых канфліктаў. Як пісаў У.Караткевіч, “хто не памятае мінулага, хто забывае мінулае – асуджаны зноў і зноў перажыць яго мноства разоў”. Пра гэта варта было б памятаць асабліва тым, хто так шчыра зараз знішчае помнікі савецкім воінам-вызваліцелям, што прынеслі вясну 45 года не толькі свайму народу.
раскрыть » / « свернуть